Міхась Лынькоў нарадзіўся 30 лістапада 1899 года ў вёсцы Зазыбы Віцебскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Яго сям’і даводзілася даволі шмат раз’язджаць, часта мяняць месца жыхарства з-за спецыфікі працы. Але неўзабаве бацька Лынькова атрымаў пасаду пуцявога абходчыка і сям’я нарэшце асела недалёка ад вёскі Старое Сяло (пад Рагачовам). Тут будучы пісьменнік пайшоў у школу. Вучыўся ён добра і па заканчэнні школы яму падарылі кнігу Гогаля «Вечары на хутары бліз Дзіканькі».
Пасля школы Міхась паступіў у рагачоўскую школу пры настаўніцкай семінарыі, а пасля яе заканчэння і ў саму семінарыю. Вучыўся ён старанна, але грошай на жыццё не хапала, таму будучы пісьменнік падпрацоўваў на чыгунцы, а таксама даваў прыватныя ўрокі. У 1917 годзе скончыў рагачоўскую настаўніцкую семінарыю.
У 1919 годзе быў прызваны ў армію. Дэмабілізаваны ў 1922 годзе. У гэты час памірае бацька Лынькова і трагічна гіне маці. На руках маладога хлопца аказваюцца малодшыя брат і сястра, пра якіх ён павінен быў клапаціцца.
Пасля дэмабілізацыі некаторы час працаваў настаўнікам у вёсцы Ліпінічы, а потым рэдактарам штодзённай бабруйскай газеты «Камуніст». Варта адзначыць, што ў газеце ў той час друкаваліся матэрыялы адразу на чатырох мовах — рускай, беларускай, украінскай і ідыш. Сам Лынькоў правёў вялікую працу па паляпшэнні выдання. Менавіта пры ім у газеце стаў выходзіць спецыяльны літаратурны дадатак «Вясна». Менавіта дзякуючы гэтаму, дарогу ў літаратуру атрымалі Сяргей Грахоўскі, Васіль Вітка, Барыс Мікуліч і іншыя пісьменнікі. У тыя ж гады Лынькоў выступіў ініцыятарам стварэння бабруйскага аддзялення літаратурнага аб’яднання «маладняк».
У 1927 годзе ажаніўся на габрэйцы Ханне Арэнкавай і крыху пазней у іх нарадзіўся сын Марэк. У 1930 годзе пісьменнік пераязджае ў Мінск, дзе ўладкоўваецца на працу ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР.
У 1933 годзе становіцца рэдактарам літаратурнага часопіса «Полымя рэвалюцыі». На гэтай пасадзе ён працуе да 1941 года. Існуе меркаванне, што менавіта дзякуючы гэтаму часопісу ўдалося абараніць многія творы беларускай літаратуры і іх аўтараў ад сталінскіх рэпрэсій. У 1938 годзе Лынькоў узначальвае Саюз пісьменнікаў БССР.
Пасля пачатку вайны Лынькова прызначаюць рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь». Гэтую пасаду ён займае да 1942 года.
На жаль, у Другую сусветную вайну сына і жонку Лынькова расстралялі немцы. Гэтай сумнай падзеі Янка Маўр прысвяціў сваё апавяданне «За што?».
У 1943-1946 і 1949-1952 гадах Лынькоў — дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР.
Памёр народны пісьменнік Беларусі ў 1975 годзе. Пахаваны ў Мінску на Ўсходніх могілках. Па завяшчанні Лынькова, значная частка яго зберажэнняў дасталася дзіцячаму дому.